archive.barysau.by
НБРБ USD EUR RUB
09.06 -0.3%1.8733 -0.3%2.108 0.3%3.2894
08.06 0%1.8672 -0.1%2.1026 -0.1%3.2982
07.06 -0.1%1.8674 0%2.1012 0%3.2945
Лагін:
Пароль:
 
рэгістрацыя карыстальніка
аднаўленне пароля
bel

Карысная інфармацыя

{SAPE}

Геаграфічны пашпарт Барысаўскага рэгіёну

Барысаўшчына знаходзіцца на скрайнім паўночным усходзе Менскай вобласьці. У фізыка­геаграфічных адносінах яна прымеркаваная да Цэнтральна­-Бярэзінскай раўніны ў рэчышчы Бярэзіны і ейных прытокаў. Плошча тэрыторыі 5,1 тыс. км2. Колькасьць насельніцтва (без раённых гарадоў; на 1998 г.) складае 85,4 тыс.чалавек. У Барысаве пражывае (на 2001 г.) 150,7 тыс.чалавек. У Крупках 10,2 тыс.чалавек. Барысаўшчына мяжуе на паўднёвым захадзе з Смалявіцкім раёнам, на захадзе – з Лагойскім, на паўночным захадзе – з Докшыцкім, на поўначы – зь Лепельскім і Чашніцкім, на ўсходзе – з Талачынскім і Круглянскім, на паўднёвым ўсходзе ­ зь Бялыніцкім, на поўдні – зь Бярэзінскім і Чэрвеньскім. Барысаўшчына знаходзіцца непадалёк ад сталіцы РБ – горада Менску, на галоўнай транспартнай магістралі.

  • Геалягічная будова

Тэрыторыя Барысаўшчыны разьмешчана ў межах Рускай плятформы, якая працягваецца ад складкаватых структураў Уралу да Заходне­Эўрапейскай маладой плятформы. Пароды крышталічнага фундамэнту былі сфармаваныя ў позьнім археі – раньнім пратэразоі, прыкладна 1,5 мільярды гадоў таму, яны прадстаўленыя гранітамі і гнейсамі, што залягаюць зараз на вялікай глыбіні. Магутнасьць асадачнага чахла складае ад 400 м на захадзе, да 850 м на ўсходзе. У канцы пратэразою Барысаўшчына зьведала трансгрэсію мора. Пасьля мора прыходзіла ў Кембрыі й Дэвоне. Як і на большай частцы Беларусі, дэвонскае мора пакінула на адзначанай тэрыторыі магутныя адклады пяскоў, глін, вапнякоў. Мезазой прадстаўлены на Барысаўшчыне пародамі пермскага і трыясавага пэрыядаў – алеўралітамі, канглямэратамі, мергелямі, пяскамі і глінамі. Кожны з пэрыядаў кайназойскай эры адрозьніваецца спэцыфічнымі асаблівасьцямі палеагеаграфіі: у палеагене існаваў апошні марскі басэйн, у неагене асадканамнажэньне адбывалася ў кантынэнтальных ўмовах, а антрапаген – гэта час неаднаразовых мацерыковых зьледзяненьняў. Менавіта ў антрапагене Барысаўшчына набыла свой сучасны выгляд. Гэта было зьвязана з рухам скандынаўскіх ледавікоў, якія несьлі з поўначы валуны, гальку, перамяшаныя зь пяском і глінай, якія ў будучым утварылі марэнны рэльеф. Тэрыторыя рэгіёну падзяляецца паміж Беларускай антэклізай і Аршанскай упадзінай. Паўночна­заходняя частка рэгіёну разьмясьцілася на ўсходніх схілах Вілейскага пахаванага выступу.

  • Рэльеф

Як ужо было сказана вышэй, вызначальным чыньнікам у фармаваньні сучаснага рэльефу былі антрапагенавыя зьледзяненьні. Асабліва тут вызначыўся Паазерскі ледавік. Паўднёвая мяжа апошняга праходзіла акурат на паўночным усходзе Барысаўшчыны, вынік ягонай дзейнасьці – возера Сялява й акаляючая яго мясцовасьць. Ледавік пакінуў пасьля сябе на поўначы й паўночным захадзе марэнныя супескі, суглінкі валунныя, пяскі й пяшчана­жвіровыя пароды. Паўднёвая й паўднёва­ўсходняя часткі Барысаўшчыны сфармаваліся пад узьдзеяньнем талых ледавіковых водаў. Таму атрымалі распаўсюд флювіягляцыяльныя адклады, якія прадстаўленыя пяшчана­жвіровымі пародамі, супесямі, пяскамі. Уздоўж рэчышча Бярэзіны і ейных прытокаў вылучаюцца алювіяльныя пяскі, пяшчана­жвіровы матар'ял, супесі, суглінкі і глеі.

Рэльеф Барысаўшчыны раўнінна­узгорысты. Ягоная паверхня паніжаецца з поўначы на поўдзень. Таму амаль ўсе рэкі адносяцца да басэйну Чорнага мора (акрамя Эсы). Менавіта па поўначы раёну праходзіць агульнабеларускі водападзел. 

Большая частка раёну ляжыць у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Сярэдняя яе вышыня над узроўнем мора – 150­180 м. Даволі значная тэрыторыя належыць Верхнебярэзінскай нізіне. Калісьці яна была велізарным возерам. Захаваліся моцна змытыя й размытыя марэнныя ўзгоркі й камы вышынёй да 10­20 м. Паміж імі пралягае вузкая паласа ўзвышшаў: Менскага, Барысаўскага і Плешчаніцкага. Менскае ўзвышша складзена ледавіковай марэнай і водна­ледавіковымі пяскамі і жвірам. Барысаўская града – частка Беларускай грады. Мае даўжыню каля 100 км і шырыню 10­25 км. Адзнакі вышыняў вагаюцца ад 150 да 220 м. Паверхня складзена зь пяшчана­галечнага матар'ялу, марэнных суглінкаў, месцамі з покрывам лёсападобных пародаў. Плешчаніцкае ўзвышша мае градава­узгорысты рэльеф. Тут пашыраны пяшчана­жвіровыя і галечныя грунты, марэнныя суглінкі, супескі, трапляюцца буйныя валуны. Рэльеф сярэдне­ і дробна­узгорысты. Найвышэйшая кропка Барысаўшчыны – 285,3 м над узроўнем мора – знаходзіцца на паўночным захадзе ля вёскі Дзедзелавічы.

  • Клімат

Галоўнымі кліматаўтваральнымі працэсамі зьяўляюцца: цеплазварот, вільгацезварот, агульная цыркуляцыя атмасфэры. Іх сумеснае дзеяньне абумоўлівае своеасаблівасьць рэжыму кожнага элемэнту клімату – ходу тэмпэратураў, воблачнасьці, ападкаў і г.д. Тэрыторыя Барысаўшчыны, як і ўся тэрыторыя Беларусі, разьмешчана ў межах заходняй вобласьці ўмеранага кліматычнага пасу і мае ўмерана кантынэнтальны тып клімату. Геаграфічная шырата тэрыторыі вызначае вугал падзеньня сонечных прамянёў, даўжыню дня і сонечнага асьвятленьня, якія ў сваю чаргу ўзьдзейнічаюць на велічыню паступаючай сонечнай радыяцыі. Прыход сонечнай радыяцыі складае 3800­3850 МДж/м2. У гадавым ходзе сумарнай радыяцыі назіраюцца значныя сэзонныя адрозьненьні, гэта зьвязана з памяншэньнем вугла падзеньня сонечных прамянёў, а таксама ўзрастаньнем воблачнасьці ў зімовы пэрыяд. Радыяцыйны балянс складаецца з прыходнай і расходнай частак. На тэрыторыі рэгіёну ён, у цэлым за год, дадатны і складае 1550­1650 МДж/м2. У сярэднім над тэрыторыяй Барысаўшчыны праходзяць 15­16 цыклёнаў. Цыклянальная цыркуляцыя ўплывае на надвор'е на працягу больш чым 200 сутак. Атмасфэрны ціск узімку і ўлетку адрозьніваецца: 1019 і 1012 гПа адпаведна. Тэмпэратура паветра на Барысаўшчыне характарызуецца значнай зьменлівасьцю, таму сярэднегадавыя тэмпэратуры даюць толькі агульнае ўяўленьне пра тэмпэратурны рэжым. У сярэднім, самая цёплая, трэцяя дэкада ліпеня, а самая зімная – трэцяя дэкада студзеня. Сярэднія тэмпэратуры халоднага перыяду – ­4,00С, цёплага – +12,30С. Колькасьць зімовых дзён з адлігай складае 48. Цыркуляцыя паветраных масаў, іхныя ўласьцівасьці, цеплавы рэжым вызначаюць умовы вільгацезвароту. Адносная вільготнасьць паветра дасягае максымуму ў зімовы перыяд – 88­90%, а ўвесну і ўлетку яна паніжаецца (мінімум ў траўні 65­70%). Гадавы ход воблачнасьці і пахмурнага стану неба супадае з гадавым ходам адноснай вільготнасьці, дасягаючы максымуму ўзімку (больш 80% дзён з пахмурным станам неба) і мінімуму (45­55%) улетку. Тэрыторыя Барысаўшчыны адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатненьня. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае 650 мм. У сярэднім, за год бывае 160­190 дзён з ападкамі.

  • Паверхневыя воды

Як ўжо заўважалася вышэй, тэрыторыя Барысаўшчыны амаль цалкам адносіцца да басэйну Бярэзіны, акрамя рэк паўночна­усходняй часткі (Югна і Эса), гэта зьвязана з агульным ухілам паверхні й разьмяшчэньнем на вода­падзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Бярэзіна – адзіная значная рака ў Беларусі, якая цалкам знаходзіцца на тэрыторыі краіны. Яе даўжыня складае 613 км. У межах Барысаўшчыны велічыня сьцёку Бярэзіны павялічваецца амаль у чатыры разы, што тлумачыцца значнай колькасьцю прытокаў, якія яна прымае на дадзенай тэрыторыі. Асноўныя зь іх: Бобр, Гайна, Пліса, Сха, Бродня, Мужанка. Азёры – сапраўднае багацьце нашай краіны, пра што сьведчыць і іх вялікая колькасьць – больш за 10000. Яны ўтвараюць на тэрыторыі рэгіёну своеасаблівы рэгулятар сьцёку паверхневых рэк. Найбольш значнае возера на тэрыторыі Барысаўшчыны – Сялява. Яно знаходзіцца на паўночным усходзе рэгіёну.   Плошча Сялявы складае 18,13 км2, а глыбіня каля 19,5 м. Возера знаходзіцца пад аховай дзяржавы, на ягоных абшарах утвораны ляндшафтавы заказьнік. Акрамя таго Сялява штогод зьбірае на сваіх берагох аматараў экалягічнага турызму, спартоўцаў­дайвэраў і навукоўцаў­архэолягаў, якія вывучаюць старажытнае гарадзішча на адной з выспаў. Другое па значнасьці возера – Палік, што знаходзіцца ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку, ягоная плошча 7,68 км2, найбольшая глыбіня – 3,1 м. Праз возера працякае рака Бярэзіна. Яно моцна зарастае. Акрамя гэтых двух азёраў,  ёсьць яшчэ некалькі, менш значных: Нерыб, Абіда, Худавец, Радамля, Чырвонае, Дамашкоўскае. Галоўная задача любога барысаўца – захаваць іх чыстымі й некранутымі для будучых пакаленьняў, для нашых нашчадкаў. Гэтая задача павінна стаць асноўным накірункам дзейнасьці мясцовых энтузыястаў, грамадзкіх ініцыятываў і афіцыйных прыродаахоўных ворганаў. На тэрыторыі Барысаўшчыны знаходзілася й Бярэзінская водная сыстэма, створаная для паляпшэньня сувязі паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Зараз яна не функцыянуе, але вынікі яе былога выкарыстаньня й да гэтага часу можна назіраць на тэрыторыі Барысаўскага, Крупскага і Лепельскага раёнаў. Дзякуючы ёй пазначаныя раёны пазбавіліся ільвінай долі свайго ляснога багацьця, многія азёры і рэкі былі зарэгуляваныя (рака Эса страціла сваё прыроднае рэчышча і ў верхняй плыні нагадвае канал).

  • Расьліннасьць

Барысаўшчына даволі добра захавала сваю прыродную расьліннасьць. Гэтаму спрыяла ўтварэньне разнастайных прыроднаахоўных тэрыторыяў, такіх як Бярэзінскі біясфэрны запаведнік і інш. Сучаснае расьліннае аблічча Барысаўшчыны канчаткова сфармавалася пасьля адступленьня апошняга ледавіка. Асноўныя тыпы расьліннасьці падзяляюцца на два тыпы: натуральная й культурная. Натуральная – гэта расьліннасьць лясоў, балатоў, лугоў і вадаёмаў. Культурная – сады й пасевы на палёх. Лясістасьць Барысаўшчыны крыху вышэйшая за агульнабеларускую і складае каля 40%. Лясы складаюцца, у асноўным, зь елак, соснаў, дубоў, бяроз, асін, ясеняў. Падлесак утвараюць арэшнік, каліна й маліны. Ніжэйшы ярус складаецца з чарніцаў, брусьніцаў і суніцаў. Лугавая расьліннасьць прадстаўленая травяністымі, сярод якіх пера­важаюць злакавыя, разнатраўе й бабовыя: цімафееўка, лісахвост, канюшына. У вільготных месцах буяюць асокі. Водападзелы займаюць сухадольныя лугі, на якіх, часьцей за ўсё, сустракаюцца лугавая валошка, трыпутнік. На балотах, большую частку якіх на Барысаўшчыне складаюць нізінныя, пераважае травяная расьліннасьць, у склад якой уваходзяць злакі, асокі й разнатраўе. Распаў­сюджаны і хмызьнякі. А абапал балот растуць бярозы ці алешыны. На верхавых балотах можна сустрэць елкі, бярозы. Пераходныя балоты выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Да расьліннасьці вадаёмаў можна аднесьці нардачык, аер, чарот, раску і інш. Шмат відаў расьліннасьці, што сустракаецца на Барысаўшчыне, занесеныя ў Чырвоную кнігу й ахоўваюцца належным чынам.

  • Жывёльны сьвет

Віды жывёлаў, што сустракаюцца на Барысаўшчыне, характэрныя для астатняй тэрыторыі Беларусі. У лясах жывуць лісіцы, ласкі, куніцы, алені, ласі, ваўкі, зайцы, сустракаюцца вожыкі і краты. Па ўзьбярэжжах вадаёмаў шмат паселішчаў баброў, асабліва на абшарах Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка (спачатку ён і быў утвораны для захаваньня гэтага віду жывёлаў у нашай краіне), андатры, выдры, норкі. З птушак распаўсюджаны дзятлы, сініцы, мухалоўкі, зязюлі, качкі (па рэках і азёрах), з драпежнікаў – каршуны і совы. У вадаёмах шмат рыбы: плоткі, язі, акуні, ліні, шчупакі й карасі. У Бярэзінскім запаведніку некалькі год таму зьявіліся зубры, але, паводле сьцьверджаньняў спэцыялістаў, экасыстэма ахоўнай тэрыторыі не разьлічаная на такую вялікую жывёліну.

Паводле выданьня "Барысаў і рэгіён: стратэгія разьвіцьця. 2003 год"