archive.barysau.by
НБРБ USD EUR RUB
24.06 0.1%1.9284 0.1%2.1544 -0.7%3.2309
23.06 -0.5%1.9309 -0.7%2.1556 -0.1%3.2097
22.06 -1.1%1.9219 -0.9%2.1404 1.1%3.2062
Лагін:
Пароль:
 
рэгістрацыя карыстальніка
аднаўленне пароля
bel

Карысная інфармацыя

{SAPE}

Недастатковая бяспека ўдзельнікаў дарожнага руху па вуліцы Гагарына ў горадзе Барысаве*

1. Праблема і яе прычыны

• Сутнасць праблемы (яе важнасць, маштаб і аказваемы ёю ўплыў)

Паток пешаходаў праз вуліцу Гагарына на наземным пераходзе, які быў ліквідаваны, насупраць рынка "Стадыён". Сёння пасажырскі паток перанакіраваны на пераход на скрыжаванні вуліц Гагарына і Горкага

У Мінскай вобласці па меркаванні начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама палкоўніка Мікалая Караткевіча, пасля Мінскага раёна ў плане аварыйнасці на дарогах найбольш праблемным з’яўляецца Барысаў і Барысаўскі раён. Для нашага горада асабліва характэрныя аварыі з удзелам пешаходаў, іншымі словамі – наезды з смяротным зыходам. [1]

Найбольш аварыйнанебяспечнай у горадзе лічыцца транзітная вуліца Гагарына, якая праходзіць праз увесь горад, найбольш густанаселеныя жылыя мікрараёны, ушчыльную ад рэчавага і прадуктовага рынку, гарадскога футбольнага стадыёна, буйных універсамаў “Веста” і “Алмі”, кінатэатра “Кастрычнік”, Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і шэрагу іншых прафесійна-тэхнічных устаноў. У журналісцкай асяроддзі гэтую вуліцу даўно ахрысцілі як «вуліца смерці». [2]

Аднак паводле апошніх дадзеных статыстыкі колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў на вуліцы Гагарына зменшылася ў сувязі з устаноўкай у раёне наземных пешаходных пераходаў штучных няроўнасцяў, уздоўж асобных участкаў дарогі – агароджы, а таксама закрыцця наземнага пешаходнага пераходу ў раёне рынку “Стадыён”. Калі да 2009 года ўключна на вуліцы штогод гінула ў ДТЗ да 6-8 пешаходаў, то статыстыка апошніх гадоў сведчыць толькі аб адзінкавых выпадках. [3]

Праўда, з устаноўкай штучных няроўнасцяў на дарозе значна павечылася колькасць ДТЗ без удзелу пешаходаў, заторы ў ранні і вячэрні час (заторы ў гадзіну-пік дасягаюць часам да 500 метраў і больш), а таксама пагоршылася экалагічная сітуацыя ў раёне вуліцы Гагарына. Пачасціліся выпадкі сутыкнення аўтамабіляў у раёне гэтых няроўнасцяў.

Намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Юры Шылягін лічыць, што "штучных няроўнасцяў" будзе дастаткова для забеспячэння бяспекі дарожнага і пешаходнага руху па вуліцы Гагарына

Нягледзячы на тое, што Барысаў з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам з вялікай колькасцю буйных прадпрыемстваў, асноўным забруджвальнікам паветра ў горадзе з'яўляецца аўтамабільны транспарт. На яго прыходзіцца найбольшая доля (33% ад агульнай колькасці) шкодных выкідаў. [4] Складаная экалагічная сітуацыя ўздоўж вуліцы Гагарына была адным з штуршкоў да грамадскага супраціву жыхароў горада, якія арганізавалі стыхійныя мітынгі супраць высечкі соснаў у раёне гарадскога стадыёна з мэтай будаўніцтва новага шматкватэрнага дома. У выніку шматмесячнай барацьбы жыхары адстаялі хвоі. [5]

Акрамя таго, у сувязі з закрыццём наземнага пешаходнага пераходу ў раёне рынка “Стадыён” і ўстаноўкі агароджаў тамсама і ў раёне аўтобуснага прыпынка “Бульвар Грэчкі” значна павялічыўся пасажырапаток па наземных пешаходных пераходах ў раёне перакрыжаванняў вуліц Гагарына і Горкага, Гагарына і Галіцкага.

Так, калі ў папярэднія гады інтэнсіўнасць руху пешаходаў на скрыжаванні вуліц Гагарына-Галіцкага праз праязны частка складала 84 чалгадзіну, а ў ранняе і вячэрні час павялічвалася да 612 чалгадзіну, то цяпер адпаведна 420 і 2402 чалгадзіну. Інтэнсіўнасць жа руху пешаходаў на на скрыжаванні вуліц Гагарына-Галіцкага ў раёне рынку “Стадыён” складае 2944 чалгадзіну, а ў ранні, вячэрні час і ў выхадны дзень павялічваецца да 5570 чалгадзіну. [6]

Грамадская ініцыятыва "За чысты Барысаў!" выступае за пабудову пяці падземных пешаходных пераходаў на вуліцы Гагарына

Варта адзначыць, што аварыйнанебяспечную вуліцу штодня прыходзіцца перасякаць навучэнцам барысаўскіх школ. Да 30% навучэнцам Гімназіі № 3 і СШ № 8 штодня даводзіцца перасякаць аўтатрасу. [7]

Асабліва сітуацыя абвастраецца для пешаходаў на абодвух скрыжаваннях падчас няспраўнасці святлафораў, што здараецца досыць рэгулярна. Так было, напрыклад, падчас нядаўняга выхаду з ладу святлафора на скрыжаванні вуліц Гагарына і Галіцкага (20-27.05.2011). [8]

Вуліца Гагарына – гэта асноўная транспартная артэрыя горада, якая звязвае горад з сталіцай Беларусі Мінскам, а таксама выводзіць транспартны паток у кірунку Воршы-Смаленска-Масквы. На тэрыторыях, прылеглых да вуліцы, інтэнсіўнымі тэмпамі развіваецца фактычна Трэці цэнтр горада: гандлёвы, спартыўна-забаўляльны, вучэбны. Менавіта тут пражывае да 50% насельніцтва горада. У выхадныя дні, у час спартыўных мерапрыемстваў на гарадскім стадыёне, працы перасоўных паркаў забаў і інш. колькасць пешаходаў, вымушаных перасякаць вуліцу Гагарына рэзка павялічваецца. Супрацоўнікі Барысаўскага ДАІ вымушаныя ўжываць дадатковыя меры, каб забяспечыць бяспечнае перамяшчэнне пешаходаў праз дарогу.

Існаванне гэтай праблемы сур’ёзна ўплывае на жыццё горада. Жыхары горада не раз былі вымушаныя самаарганізоўвацца, каб калектыўна прад’яўляць свае патрабаванні да мясцовай улады. Так, актывістамі грамадскай ініцыятывы “За чысты Барысаў!” у 2008 годзе было сабрана 614 подпісаў жыхароў вуліц Гагарына, Арджанікідзэ, Горкага з патрабаваннем будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу насупраць рынка “Стадыён”. [9] Былі і менш маштабныя стыхійныя звароту гараджан.

Частка з 614 подпісаў, сабраных актывістамі ГІ "За чысты Барысаў!" сярод жыхароў вуліц Гагарына, Арджанікідзэ, Горкага з патрабаваннем да мясцовых уладаў будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу насупраць рынка “Стадыён”

На грамадскі рэзананс праблемы гарадскія ўлады ўжо не маглі не звярнуць увагі. 29.01.2009 года адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па бяспецы дарожнага руху Барысаўскага райвыканкама. На пасяджэнні Камісіі адным з пытанняў разглядалася пытанне аб будаўніцтве пераходу ў раёне рынку “Стадыён”. У выніку было прынята рашэнне аб вывучэнні грамадскай думкі па гэтым пытанні.

Таксама пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для рэалізацыі генеральнага плана развіцця горада прадугледжваўся разгляд неабходнасці і магчымасці будаўніцтва падземных пераходаў па вул.Гагарына.

Праблема з бяспекай руху па вуліцы Гагарына адзін час выйшла нават на агульнадзяржаўны ўзровень. Так, у сакавіку 2009 года падчас аднаго з пашыраных пасяджэнняў Барысаўскага райвыканкама, прысвечанага пытанню стану законнасці і правапарадку ў рэгіёне за 2008 год, у якім прымалі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Аляксандр Лашын было закранута пытанне адсутнасці падземнага пешаходнага пераходу на вуліцы Гагарына.

Намеснік Генеральнага пракурора нагадаў, што тагачасны міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў прад’явіў прэтэнзіі да працы Барысаўскага райвыканкама з нагоды таго, што той у райцэнтры па вуліцы Гагарына ніяк не пабудуюць падземны пешаходны пераход. [10]

• Прычыны яе ўзнікнення абвастрэння

Праблема паўстала ў сувязі з ростам у апошнія дзесяцігоддзі насельніцтва горада на тэрыторыях, прылеглых да вуліцы Гагарына (цяпер тут пражывае да 50% жыхароў Барысава). Павялічылася колькасць прыватных аўтатранспартных сродкаў. Сур'ёзна пашырылася сацыяльная інфраструктура (будаўніцтва гандлёвых цэнтраў, буйных рынкаў, гарадскога стадыёна, навучальных устаноў, пашырэнне “спальных мікрараёнаў”). У сувязі з гэтым чатырохпалосная аўтамабільная траса па вуліцы Гагарына перастала выконваць у поўным аб’ёме свае функцыі. Штодня праблемы ўзнікаюць як для свабоднага перамяшчэння самога транспарту (павелічэнне колькасці затораў), так і бяспечнага перамяшчэння пешаходаў (у горадзе не існуе ні аднаго падземнага пешаходнага перахода).

Прагназуючы сітуацыю ў будучыні, можна меркаваць, што без пашырэння вуліцы Гагарына да шасці палос транспартнага руху, а таксама без будаўніцтва цэлага шэрагу падземных пешаходных пераходаў, праблемы з бяспекай тут толькі пагоршыцца. Колькасць прыватных аўтатранспартных сродкаў будзе толькі расці.

• Зацікаўленыя бакі стэйкхолдэры

Вывучаючы праблему бяспекі дарожнага руху ў Барысаве, а менавіта адсутнасці падземных пешаходных пераходаў, быў выяўлены цэлы шэраг зацікаўленых бакоў з рознай ступенню матывацыі. А менавіта, Барысаўскі райвыканкам, Барысаўскі раённы савет дэпутатаў, аддзел архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама, УДАІ Барысаўскага РУУС, фінансавы аддзел Барысаўскага райвыканкама, аддзел адукацыі Барысаўскага райвыканкама, УП “Жыллё”, Барысаўскі гарадскі стадыён, МАКУП “Інстытут  “Барысаўпраект” (дырэктар Віктар Феактыстаў); рэгіянальныя СМІ (газета “Барысаўскія навіны”, “Адзінства”, тэлеканал СКІФ, інтэрнэт-выданні; ДУП “Аўтобусны парк № 3”, грамадскія арганізацы, ГІ “За чысты Барысаў!”; жыхары прылеглых да вуліцы Гагарына мікрараёнаў; аўтааматары і аўтаперавозчыкі.

Метадам ананімнага журналісцкага расследавання нам удалося даведацца меркаванне часткі з пералічаных зацікаўленых бакоў. У цэлым, усе без выключэння зацікаўленыя бакі стэйкхолдеры пацвердзілі сам факт існавання праблемы.

• Наступствы працягу існавання праблемы

а) Які ўплыў гэта акажа на грамадскае жыццё?

Працяг існавання дадзенай праблемы можа паслужыць каталізатарам новага грамадскага руху ў выпадку, калі знойдзецца група людзей, якія змогуць аб’яднаць людзей у барацьбе за забеспячэнне большай бяспекі руху па вуліцы Гагарына.

Улётка, якая распаўсюджвалася актывістамі ГІ "За чысты Барысаў!" напярэдадні збору подпісаў

Таксама ёсць вялікая верагоднасць таго, што праблема адсутнасці падземных пешаходных пераходаў можа быць паднятая падчас маючых адбыцца ў 2012 годзе парламенцкіх выбараў незалежнымі кандыдатамі.

Абодва варыянты развіцця падзей адназначна нявыгадныя мясцовай улады.

Пагалоскі аб дарожна-транспартных здарэннях, якія адбываюцца ў горадзе, асабліва з удзелам пешаходаў, імгненна аблятаюць ўвесь горад і пакрываюцца ўсё новымі падрабязнасцямі. Усё гэта стварае нервовую абстаноўку сярод жыхароў горада.

Улётка, якая распаўсюджвалася актывістамі ГІ "За чысты Барысаў!" пасля збору подпісаў

б) Якія будуць маштабы гэтай з’явы?

Са штогадовым ростам колькасці аўтамабільнага парка у Барысаве (на сёння каля 40.000), бурным развіццём сацыяльнай інфраструктуры ўздоўж вуліцы Гагарына, а таксама будаўніцтвам новых шматпавярховых дамоў, калі не вырашаць праблему, умовы дарожнага і пешаходнага руху будуць толькі пагаршацца. Гэта падчас ананімнага апытання было пацверджана супрацоўнікамі Барысаўскага ДАІ. На іх думку, колькасць транспартных затораў у гадзіны-пік будзе толькі павялічвацца, а ў сувязі з гэтым значна пагоршыцца экалагічная сітуацыя ў горадзе.

в) Фактары, якія абцяжарваюць рашэнне праблемы

Асноўным фактарам, зыходзячы з апытання зацікаўленых бакоў, а таксама зыходзячы з вопыту перапіскі арганізатараў грамадскай кампаніі, якая выступала за будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу насупраць рынка “Стадыён”, з прадстаўнікамі Барысаўскага райвыканкама і раённага савета дэпутатаў, з’яўляюцца: а) адсутнасць грашовых сродкаў (цяпер асабліва папулярная спасылка на фінансава-эканамічны крызіс, які ахапіў краіну); б) празмерная «палітызацыя» праблемы (г.зн. штучнае паданне ёй занадта вялікага грамадскага рэзанансу). [11] 

Раней, да 2009 года, таксама адным з фактараў, які нібыта перашкаджаў прыняццю рашэння па будаўніцтве падземных пешаходных пераходаў, была недастатковая ў адпаведнасці з п. 4.4.16 СНБ 3.03.02.-97 “Вуліцы і дарогі гарадоў, пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў” інтэнсіўнасць руху пешаходаў праз дарожнае палатно (сёння інтэнсіўнасць на асобных участках значна павялічылася). [12]  

2. Ацэнка палітыкі па вырашэнні праблемы

• Ці прадпрымаліся ў мінулым спробы вырашыць праблему?

У адпаведнасці з Генеральным планам г.Барысава, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2008/01/27 № 77 “Аб зацвярджэнні генеральнага плана горада Барысава”, у перспектыве прадугледжана рэканструкцыя вул.Гагарына з павелічэннем шырыні праязной часткі да шасці палос руху з рэканструкцыяй аўтамабільнага моста праз р.Бярэзіна. [13]

 

Старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Мірановіч абмежаваўся ідэяй вывучэння грамадскай думкі па праблеме адсутнасці падземнага пешаходнага перахода ў раёне рынка "Стадыён"

Аднак пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для рэалізацыі гэтага падзелу генеральнага плана не была прадугледжана неабходнасць і магчымасць будаўніцтва падземных пераходаў па вул.Гагарына.

Толькі пасля вельмі рэзананснай грамадскай кампаніі, праведзенай у лютым 2008 года ГІ "За чысты Барысаў!" (збор 614 подпісаў жыхароў за дзве гадзіны) [14], Барысаўскі райвыканкам прыняў рашэнне аб вывучэнні грамадскай думкі па гэтым пытанні. [15]

Вывучэнне грамадскай думкі фактычна абмежавалася інтэрнэт-апытаннем на афіцыйным сайце Барысаўскага райвыканкама на тэму: «Ці лічыце Вы неабходным будаўніцтва падземнага пераходу па ул.Гагарина?». Па стане на 08.07.2011 г. адказы размеркаваліся наступным чынам:

• за будаўніцтва 91,05%;

• супраць 4,80%;

• абыякава 4,13%. [16] 

Прынтскрын з афіцыйнага сайта Барысаўскага райвыканкама

• Якія былі іх вынікі і чаму?

Іншымі словамі рэальных спробаў у мінулым вырашыць праблему з будаўніцтвам падземных пешаходных пераходаў мясцовымі ўладамі прадпрынята не было. Як згадвалася вышэй, гэтаму перашкаджалі тры фактары: а) адсутнасць грашовых сродкаў; б) нібыта празмерная “палітызацыя” праблемы; в) недастатковая інтэнсіўнасць руху пешаходаў праз дарожнае палатно. Калі пункт (б) толькі раздражняў мясцовыя ўлады, пункт (в) быў зручнай адгаворкі для нівелявання вастрыні праблемы, то пункт (а) сапраўды мог быць асноўным і вырашальным.

• У чым палягаюць памылкі перашкоды папярэдніх спроб рашэння праблемы?

У 2009 годзе быў момант, калі рашэнне аб будаўніцтве ў будучыні падземнага пешаходнага пераходу насупраць рынка “Стадыён” магло б быць прынятае досыць аператыўна. Аднак старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Мірановіч, а таксама тагачасны начальнік УДАІ Барысаўскага РУУС здолелі “загаварыць” праблему перад ужо былым міністрам МУС РБ Уладзімірам Навумавым. У выніку бачнасць бяспекі дарожнага і пешаходнага руху была забяспечана больш танным спосабам – устаноўкай штучных няроўнасцяў на пяці ўчастках вуліцы Гагарына. [17]

Верагодней за ўсё, у Барысаве не знайшлося нікога з зацікаўленых бакоў, хто б узяў на сябе адказнасць і настаяў на прыняцці адпаведнага рашэння.

Магчыма, памылкай з боку ГІ “За чысты Барысаў!” пасля сабраных 614 подпісаў быў сыход у сферу перапіскі з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, хаця варта было б працягваць грамадскую кампанію з прыцягненнем яшчэ большай колькасці жыхароў горада, а таксама канкрэтных мэтавых груп (напрыклад, кіроўцаў маршрутных аўтобусаў і г.д.)

• Хто падтрымліваў не падтрымліваў спробы вырашыць праблему і чаму?

Як адзначалася вышэй, у падтрымку рашэння праблемы выказваліся ўжо былы міністр МУС РБ Уладзімір Навумаў і намеснік Генеральнага пракурора Аляксандр Лашын. Да выказвання Уладзіміра Навумава ў газеце “Барысаўскія навіны” праходзіла інфармацыя аб тым, УДАІ Барысаўскага РУУС падтрымлівала ідэю будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў, прычым не толькі па вуліцы Гагарына, але ў іншых раёнах горада.

Аднак мясцовыя ўлады ў асобе старшыняў Барысаўскага райвыканкама і райсавета заўсёды выступалі супраць рашэння дадзенай праблемы. Па ўсёй верагоднасці, яны лічаць, што ў горадзе дастаткова іншых больш неадкладных праблем.

3. Магчымасці вырашэння праблемы

• Якія змены адбыліся ў апошні час?

Па ўсёй бачнасці, кардынальныя змяненні на вуліцы Гагарына ўсё ж запланаваны.

Так, па выніках наведвання горада Барысава прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў лістападзе 2010 года і ў адпаведнасці з яго даручэннямі запланавана рэканструкцыя вуліцы Гагарына да шасці палос руху. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Шылягіна ўжо заключаныя дамовы і выдзеленыя фінансавыя сродкі на праектаванне ў 2011 годзе. Гэтая інфармацыя была размешчана ў афіцыйнай газеце Барысаўскага райвыканкама “Адзінства”. [18] Аднак аб праектаванні падземных пешаходных пераходаў у ёй не паведамлялася (за выключэннем нечаканага інтэрнэт-апытання па праблеме падземнага пешаходнага пераходу па вуліцы Гагарына на афіцыйным сайце Барысаўскага райвыканкама).

• Якія новыя магчымасці адкрыліся?

У сувязі з запланаванай рэканструкцыяй вуліцы Гагарына да шасці палос руху і распачатым у гэтым годзе праектаваннем ўсё ж ёсць пэўны шанец дамагчыся прыняцця рашэнне аб адначасовым праектаванні і ў далейшым будаўніцтве вельмі неабходных горадзе падземных пешаходных пераходаў.

• У якой меры рашэнне праблемы залежыць ад дзеяння дзяржаўнай рэгіянальнай муніцыпальных уладаў?

У Беларусі існуе ярка вырашчаная “вертыкаль” улады, калі старшыні аблвыканкамаў і райвыканкамаў прызначаюцца непасрэдна прэзідэнтам краіны. Любыя сацыяльна значныя праекты, якія патрабуюць сур’ёзнага фінансавання, не вырашаюцца без удзелу агульнарэспубліканскіх органаў улады. Менавіта пасля даручэння прэзідэнта А.Лукашэнкі і была запланаваная рэканструкцыя вуліцы Гагарына да шасці палос руху. Складана сказаць, якая тут доля PR перад выбарамі 2010 г. і якая доля зацікаўленасці персанальна Лукашэнкі менавіта ў пашырэнні вуліцы ў Барысаве да шасці палос, але факт застаецца фактам – з мёртвай кропкі праблема пачатку зрушвацца толькі пасля яго персанальнага даручэння.

• Наколькі важнай праблема уяўляецца зацікаўленым бакам стэйкхолдэрам?

Метадам ананімнага журналісцкага расследавання было праведзена вывучэнне думкі асобных зацікаўленых бакоў (адкрытае аптынне ва ўмовах сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыі не ўяўляецца магчымым, тым больш, што аддзел ідэалогіі Барысаўскага райвыканкама адсочвае любыя спроба кантактаў незалежнай прэсы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады).

МАКУП “Інстытут «Барысаўпраект”. Быў пацверджаны факт распрацоўкі праекта пашырэння вуліцы Гагарына да шасці палос, а таксама распрацоўкі праекта падземнага пешаходнага пераходу на скрыжаванні вуліц Гагарына і Горкага. Аднак ці будзе падземны пераход пабудаваны залежыць ад аб’ёму фінансавых сродкаў, які будзе ўкладзены ў рэалізацыю праекта. Адзін падземны пешаходны пераход з чатырма выхадамі можа абыйсціся прыкладна ў 300-400 тыс. еўра. Лічыцца, што на вуліцы Гагарына будзе недастаткова будаўніцтва толькі аднаго падземнага пераходу, але ўсё ўпіраецца ў фінансы. Жыхары горада зацікаўлены ў рэалізацыі новай канцэпцыі транспартнай разгрузкі горада.

УДАІ Барысаўскага райвыканкама. За пашырэнне вуліцы Гагарына да шасці палос руху. Падтрымліваецца ідэя будаўніцтва як мінімум трох падземных пешаходных пераходаў (перакрыжаванні вуліц Гагарына-Горкага, Гагарына-Галіцкага, Гагарына-Будаўнікоў), хаця патрэбна большая колькасць пераходаў. Напрыклад, паміж аўтобуснымі прыпынкамі каля помніка П.Рака і насупраць аўтобуснага прыпынка “Вуліца Трусава”. У такім выпадку аб шматлікіх ДТЗ у Барысаве можна будзе забыцца.

Аддзел архітэктуры і будаўніцтва Барысаўскага райвыканкама. Падцверджана наяўнасць праблемы, а таксама тое, што пашырэнне вуліцы Гагарына да шасці палос цалкам рэалістычны праект.
Фінансавы аддзел Барысаўскага райвыканкама. Інфармацыю атрымаць не ўдалося, бо існуе забарона на распаўсюд такіх звестак. Неабходнасць будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў не адмаўлялася, але без дзяржаўнага фінансавання Барысаў самастойна не пацягне гэтую праблему.

Аддзел адукацыі Барысаўскага раёна. Будаўніцтва падземнага пешаходнага пераходу на скрыжаванні вуліц Гагарына і Горкага падтрымліваецца, бо значнай частцы навучэнцаў Гімназіі № 3 і СШ № 8 штодня прыходзіцца двойчы перасякаць аўтамабільную трасу, прычым на найбольш аварыйным ў горадзе перакрыжаванні.

УП “Жыллё”. Падземныя пешаходныя пераходы патрэбны, хоць гэта не ёсць першачарговай задачай для горада.

Барысаўскі гарадскі стадыён. За паляпшэнне інфраструктуры ў раёне стадыёна, якая палегчыла б перасячэнне трасы футбольнымі заўзятарамі, наведвальнікамі рэчавага рынку альбо падчас іншых культурна-масавых мерапрыемстваў. Імавернасць рэалізацыі праекта ацэньваецца як нізкая у сувязі з эканамічным крызісам у краіне.

Незалежная газета “Барысаўскія навіны”. Адназначна за пашырэнне вуліцы Гагарына да шасці палос, а таксама за будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў не толькі на гэтай вуліцы, але і на праспекце Рэвалюцыі.

ГІ “За чысты Барысаў!”, а таксама супольнасці жыхароў прылеглых да вуліцы Гагарына мікрараёнаў. Зацікаўленасць цалкам відавочна, што выявілася ў правядзенні грамадскай кампаніі па дадзеным пытанні ў 2008-2009 г.г.

ДУП “Аўтобусны парк № 3”. Прапускная здольнасць вуліцы Гагарына сёння не адпавядае таму транспартным патоку, які існуе сёння. З-за пробак у гадзіну-пік маршрутныя аўтобусы часам выбіваюцца з графіка, што стварае нязручнасці для пасажыраў. Вуліцу трэба было рэканструяваць гадоў пяць назад, а цяпер наўрад ці нешта атрымаецца. [19]

• Якіх мэтаў варта дасягнуць, каб вырашыць праблему?

Варта дамагаючыся ад мясцовай улады большай адкрытасці. Многія праблемы ўпіраюцца менавіта па прычыне таго, што кіраўнікі выканаўчай і распарадчай улады Барысава проста пазбягаюць кантактаў і з журналістамі, і з прадстаўнікамі грамадскасці – у Барысаве так склалася, што ўсе пытанні вырашаюцца закрыта ў сценах мясцовага райвыканкама. У выніку некаторыя рашэнні выклікаюць бурны пратэст грамадскасці (з апошніх – стыхійныя пратэсты супраць высечкі соснаў [20]; стыхійныя простесты супраць будаўніцтва АЗС паблізу мікрараёна Лядзішча [21] і інш.)

• Якія могуць быць спосабы рашэння праблемы?

Спосаб ледзь ці не адзіны з больш-менш дзейсных ва ўмовах таталітарнай Беларусі – наданне праблемы з бяспекай дарожнага руху па вуліцы Гагарына шырокага грамадскага рэзанансу. Магчыма, дзякуючы яму з’явіцца які-небудзь новы міністр МУС, які заявіць у чарговы раз аб неабходнасці будаўніцтва ў Барысаве падземнага пешаходнага пераходу.

Таксама ёсць сэнс у распрацоўцы альтэрнатыўнай канцэпцыі транспартнай разгрузкі вуліцы Гагарына, дзе б ўлічвалася неабходнасць будаўніцтва ў Барысаве падземных пешаходных пераходаў з наступнай шырокай папулярызацыяй канцэпцыі сярод жыхароў горада.

• Якія варыянты ўжо распрацаваны?

Незалежныя эксперты гатовыя да распрацоўкі альтэрнатыўнай канцэпцыі транспартнай разгрузкі вуліцы Гагарына, а лідэры грамадскай думкі і да правядзення чарговай грамадскай кампаніі за будаўніцтва падземных пешаходных пераходаў. Рапрацаваную канцэпцыю варта ўнесці на разгляд дэпутатам Барысаўскага раённага савета дэпутатаў.

Спасылкі:

[1] http://borisovcity.net/index.php?act=news&catid=1&month=03&year=2008

[2] http://www.borisov-e.info/27451/

[3] дадзеныя ананімнага апытання

[4] “Барысаў і рэгіён: стратэгія развіцця”. Барысаў, 2004

[5] http://www.borisov-e.info/23280/

[6] http://barysau.belarda.org/index.php?mod=news&id=129; эмпірычныя даследванні;

[7] дадзеныя ананімнага інтэрв’ю

[8] http://barysau.belarda.org/index.php?mod=news&id=1187

[9] http://barysau.belarda.org/local_news/data/ic_87/889/rowselect-690-10/; http://www.borisov-e.info/17219/

[10] http://www.borisov-e.info/26934/

[11] http://barysau.belarda.org/index.php?mod=news&id=129

[12] http://barysau.belarda.org/cache/images/skarhi_zajavy/pieraxod01.jpg

[13] http://barysau.belarda.org/index.php?mod=news&id=129

[14] http://barysau.belarda.org/local_news/data/ic_87/979/rowselect-350-10/

[15] http://barysau.belarda.org/index.php?mod=news&id=129

[16] http://www.borisov.minsk-region.by/ru/vote?aID=23&x=60&y=7

[17] http://www.borisov-e.info/27451/

[18] http://www.adzinstva.by/?p=29418

[19] ананімные апытанні

[20] http://borisov-e.info/18649/

[21] http://www.borisov-e.info/42099/

* дакумент дапрацоўваецца